вторник, 20 августа 2013 г.

Зварот дасланы і ў "Еўрапейскую Беларусь"

Па настойлівых просьбах зварот грамадскай ініцыятывы "За вызваленне ксяндза Лазара" дасланы і на электронныя скрыні грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Чакаем адказу.

На дадзены момант ніякага адказу на папярэднія звароты не атрымана. Толькі вярнуўся ліст, накіраваны па электроннай пошце ў Рэспубліканскую партыю.

понедельник, 19 августа 2013 г.

Ініцыятыва "За вызваленне ксяндза Лазара" звярнулася да беларускіх партый і грамадскіх арганізацый


Грамадская ініцыятыва "За вызваленне ксяндза Лазара" 19 жніўня звярнулася да ўсіх беларускіх палітычных партый і шэрагу грамадскіх арганізацый ў справе каталіцкага святара Уладзіслава Лазара, які з 31 траўня знаходзіцца ў СІЗА КДБ. 

На дадзены момант дадзенай справай займаюцца толькі аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" і праваабарончы цэнтр "Вясна", у той час як астатняя беларуская грамадскасць гэтага пытання не заўважае.

Папяровыя звароты дасланыя ў Аб'яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую аграрную партыю, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю "Зялёныя", Беларускую партыю левых "Справядлівы свет", Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю, Камуністычную партыю Беларусі, Кансерватыўна-Хрысціянскую Партыю – БНФ, Ліберальна-дэмакратычную партыю, Партыю БНФ, Партыю "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", Рэспубліканскую партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, Сацыял-дэмакратычную партыю Народнай Згоды, а таксама ў ГА "Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі", РГА "Белая Русь", ПАГА "Рух "За Свабоду"", грамадзянскую кампанію "Гавары Праўду", РПГА "Беларускі Хельсінскі Камітэт".

Апроч таго, электронныя версіі зваротаў былі дасланыя на паштовыя скрыні арганізацый і партый, якія атрымалася знайсці ў інтэрнэце, а менавіта: АГП, БПЗ, БСДП(Г), КПБ, ЛДП, ПБНФ, РП, РППС, БРСМ, "Белая Русь", Рух "За Свабоду", "Гавары праўду!" і БХК.

Аб выніках разгляду звароту кожнай з пазначаных структураў будзе паведамлена асобна на сайце http://zaulazara.blogspot.com/

Прыводзім тэкст звароту: 

"Зварот

У СІЗА КДБ з 31 мая знаходзіцца каталіцкі святар, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве, ураджэнец вёскі Канюхі Маладзечанскага раёну Уладзіслаў Лазар (свецкае імя – Уладзімір Лазар). 

У чым яго вінавацяць незразумела, бо увесь гэты час, нягледзячы на патрабаванні грамадства, шматлікія звароты і петыцыі, ажыятаж у беларускіх і замежных СМІ, КДБ настойліва захоўвае маўчанне па дадзенай справе.

У сувязі з гэтым мы, каталіцкія вернікі з розных гарадоў Беларусі, якія аб'ядналіся ў грамадскую ініцыятыву "За вызваленне ксяндза Лазара", звяртаемся да Вас, просячы не пакідаць гэтае пытанне без увагі і звярнуцца ў КДБ, Генеральную пракуратуру і гэтак далей з патрабаваннем паведаміць:

1. На падставе чаго быў затрыманы каталіцкі святар Лазар Уладзімір Міхайлавіч.
 
2. У чым ён абвінавачваецца і што яму інкрымінуецца.
 
3. Наколькі законна ў СІЗА КДБ ўтрымліваецца Лазар У.М. і ці магчыма яго вызваленне на ўмовах падпіскі аб нявыездзе, хатняга арышту і гэтак далей.

Таксама просім паведаміць нам аб выніках разгляду звароту ў адпаведнасці з Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" № 300-3 ад 18 ліпеня 2011 года".